Чырвоная кніга геаграфічных назваў Гомеля і наваколляў. Стары Млын // Гомельская праўда. – № 4. – 6 студзеня 1990 года. – С. 4.

31.12.2015 10:08

Назва гэта адносіцца да месца ў гомельскіх наваколлях. Калі ехаць па Рэчыцкай шашы ў бок вёкі Баршчоўка, то каля моста цераз рэчку Узу з правага боку і знаходзіўся калісьці Стары Млын. Уявіце сабе, што вы стаіце на мосце і разглядаеце мясцовасць, якая раскінулася перад вамі. Злева ад моста ў мінулым раслі магутныя дубы, якія ўтваралі сапраўдную дуброву. Цяпер яе няма, дубы ссеклі.

Справа, амаль да самай вёскі Прыбар, цягнецца вялікая заліўная нізіна. З гэтага боку, уверх па рацэ, і пабудавалі ў незапамятныя гады вадзяны млын. Сюды сяляне з навакольных вёсак прывозілі малоць зерне. Млын меў свайго гаспадара. А  калі ён памёр, неўзабаве перастаў працаваць і млын.

Млына даўно няма, а назва засталася, жыве ў памяці старажылаў, напамінае аб былым.

Той, хто хоць раз бачыў рэчку Узу, зразумее, якой яна была шырыні і глыбыні, каб працаваў млын. Меліяратары спрамілі рэчышча, панавыкопвалі канаў, абязводзілі мясцовасць. Уза ператварылася ў невялікі ручай. Заліўныя землі зарастаюць чартапалохам. І толькі старадаўняя назва гэтага месца апавядае аб тым, што было.

Але пройдзе час – знікне, забудзецца і назва. А калі ж мы яе захаваем, запішам, знойдзем яшчэ шэраг такіх жа нягучных, але ўсё ж дарагіх сэрцу найменняў, магчыма, задумаюцца людзі над тымі скарбамі, што існуюць вакол. Паміж экалогіяй духоўнай і экалогіяй біялагічнай існуе непарыўная сувязь.

Аляксандр Радзевіч, актывіст абласнога аддзялення Савецкага фонду культуры.